Барысевіч Фаіна Аляксандраўна
Барысевіч Фаіна Аляксандраўна нарадзілася 7 сакавіка 1926 года ў вёсцы Гулі Мядзельскага раёна Маладзечанскай вобласці (сёння Мінская вобласць) у сялянскай сям’і. Няпростым было сялянскае жыццё, а гады вайны былі асабліва цяжкімі. Сям’я жыла на хутары без гаспадара, Фаіна Аляксандраўна разам са сваёй маці цяжка і шмат працавалі.
А ў 1944 годзе згарэла хата ў выніку падпалу, згарэла ўся маёмасць. Прыйшлося набываць новую хату і маёмасць. Нягледзячы на ўсе жыццёвыя перашкоды, у дзяўчыны было вялікае жаданне вучыцца. Выдатна скончыўшы Слабадскую школу, Фаіна Аляксандраўна цвёрда вырашыла стаць настаўнікам. Запрогшы каня, маці павезла сваю дачку ў Паставы. З 1944 па 1946 год Фаіна Аляксандраўна вучылася ў Пастаўскім педагагічным вучылішчы. Пасля заканчэння яго працавала загадчыцай Навасельскай пачатковай школы.
7 верасня 1946 года ўступіла ў шлюб з Барысевічам Пятром Пятровічам, які працаваў у гэты час загадчыкам Гулеўскай пачатковай школы. Вось так утварылася педагагічная сям’я, а далей – і педагагічная дынастыя.
У 1955 годзе Фаіна Аляксандраўна прадоўжыла навучанне ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце на прыродазнаўча-геаграфічным аддзяленні. У сувязі з пераездам сям’і ў вёску Занарач, дзе муж Пётр Пятровіч быў назначаны дырэктарам Занарачанскай сямігадовай школы, Фаіна Аляксандраўна працавала настаўнікам хіміі і біялогіі ў гэтай школе да пенсійнага ўзросту, да 1981г. Цяга да навукі і адукацыі не пакідала ніколі. У 1958-1961 гадах вучылася ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя С.М.Кірава, атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці – настаўнік біялогіі.
Узнагароды і дасягненні:
У 1962 годзе за дасягнутыя поспехі ў навучанні і камуністычным выхаванні вучняў была ўзнагароджана Граматай Міністэрства асветы БССР (Грамата ад 28.VI.1962 г.), у 1975 годзе – Знакам ”Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва“ (пасведчанне ад 24.XII.1975 г.), у 1978 годзе узнагароджана значком ”Выдатнік народнай асветы“ (Пр. МАБССР ад 01.03.1978 г.). Агульны педагагічны стаж – 35 год, 26 з якіх Феафанія Аляксандраўна адпрацавала ў Занарацкай сярэдняй школе.
У жыцці Фаіна Аляксандраўна была вельмі сціплай, стрыманай і вельмі працалюбівай.
24 мая 2004 на 78 годзе жыцця яе не стала, пахавана на грамадзянскіх могілках у аграгарадку Занарач.
Барысевіч Фаіна Аляксандраўна (фотаархіў)